Латвія ўзмоцніць жорсткасць правілаў уезду для грамадзян трэціх краін, у прыватнасці Беларусі. Калі ў чалавека няма латвійскай візы ці віду на жыхарства, ён мусіць будзе загадзя паведаміць канкрэтныя звесткі пра сябе, сваіх сваякоў і мэты паездкі, паведамляе Delfi.lv.
Грамадзяне трэціх краін, у якіх няма выдадзенай у Латвіі візы або віду на жыхарства, будуць абавязаныя за 48 гадзін да ўезду ў краіну паведаміць пра мэту паездкі, меркаваны тэрмін знаходжання, месца пражывання, маршрут перамяшчэння і кантактную інфармацыю.
Прыезджыя мусяць будуць паведаміць, дзе яны працуюць, а таксама пазначыць, ці займалі яны калі-небудзь выбарныя пасады або працавалі ў дзяржструктурах. Акрамя таго, спатрэбіцца інфармацыя пра службу ў войску, спецслужбах, памежнай службе, паліцыі, мытні, судах ці дыпламатычных ведамствах.
Гэты абавязак плануецца ўвесці з верасня 2025 года. За непаведамленне або паведамленне ілжывай інфармацыі пагражае штраф да 2000 еўра. Новыя правілы не закрануць дыпламатаў і тых, хто прыязджае на кароткі час па працы.
Латвійскія службы бяспекі будуць раз на год правяраць, ці трэба захоўваць гэтае патрабаванне, наколькі яно эфектыўнае і апраўданае, а потым даваць справаздачу перад Сеймам.
Акрамя таго, у будучыні замежнікі змогуць атрымаць пропуск у памежную зону толькі пасля ўхвалы Службы дзяржбяспекі Латвіі. Ужо выдадзеныя часовыя пропускі будуць дзейнічаць максімум два месяцы пасля ўступлення новых правілаў у сілу.
Адпаведныя папраўкі да іміграцыйнага закона і Закона «Пра дзяржаўную мяжу» падтрымала Камісія Сейма Латвіі па абароне, унутраных справах і недапушчэнні карупцыі. Гэтыя меры звязаныя з асцярогамі, што Беларусь і Расія могуць выкарыстоўваць грамадзян іншых краін для шпіянажу і іншых пагроз.
Адзначаецца, што замежнікі, якім Латвія выдала дакументы на пражыванне, ужо прайшлі праверку. Але ў розных краінах ЕС і Шэнгена патрабаванні да бяспекі адрозніваюцца. Напрыклад, Венгрыя не праводзіць такіх праверак для грамадзян Расіі і Беларусі, таму латвійскія памежнікі могуць не ведаць, з якой мэтай яны прыязджаюць.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну і падтрымкі гэтага ўварвання Беларуссю Латвія ўзмацніла міграцыйны кантроль, каб знізіць рызыкі разведвальнай дзейнасці і іншых пагроз бяспецы.
Нагадаем, з 1 студзеня Латвія ўвяла абмежаванне на ўвоз паліва для грузавікоў, якія едуць з Беларусі і Расіі, таксама для ўезду ў краіну цяпер неабходна дэклараваць транспарт. А летам папярэдняга года краіна забараніла ўезд легкавікам з беларускімі нумарамі. Гэтае рашэнне было прынятае ў адпаведнасці з санкцыямі і з мэтай знізіць рызыку абыходу абмежаванняў ЕС.
Чытайце таксама