Супрацоўнікі IT-кампаніі «Эфектыўныя праграмы» расказалі «Люстэрку» пра нечаканы загад, з якім іх азнаёмілі на працы. Дакумент называецца «Пра недапушчальнасць экстрэмісцкіх, дэструктыўных і іншых праяваў». Ён фактычна забараняе абмяркоўваць палітыку на працы.
Загад датаваны 27 снежня, падпісаны дырэктарам кампаніі Юрыем Шыраканавым (копія дакумента ёсць у распараджэнні рэдакцыі).
У загадзе — чатыры пункты, у двух прапісаныя забароны для супрацоўнікаў. Па-першае, на працу забаранілі прыносіць «друкаваную прадукцыю і матэрыялы з атрыбутыкай экстрэмісцкай скіраванасці». Таксама нельга праводзіць рэкламныя акцыі, прэзентацыі, сацапытанні і «іншыя сходы, якія не адносяцца да вытворчай дзейнасці», а яшчэ — размовы, «якія спрыяюць распальванню сацыяльнай варожасці ў беларускім грамадстве».
Па-другое, забаранілі «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам падтрымкі экстрэмісцкіх фарміраванняў у сетцы Інтэрнэт, фінансаванне такой дзейнасці і любым іншым спосабам».
Аддзел кадраў да 31 снежня мусіў азнаёміць калектыў з загадам пад подпіс. Кантроль за яго выкананнем дырэктар «пакінуў за сабой».
Мы звязаліся з прадстаўніком «Эфектыўных праграм» і папрасілі пракаментаваць гэтыя новаўвядзенні. Ці значыць гэта, што супрацоўнікам кампаніі забаранілі чытаць публікацыі на рэсурсах і ў ініцыятывах, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, узаемадзейнічаць з імі, а таксама абмяркоўваць палітыку з калегамі на працы? У кампаніі спачатку папрасілі час на адказ, а пазней паведамілі, што вырашылі ўстрымацца ад каментароў.
ТАА «Эфектыўныя праграмы» (EffectiveSoft) — рэзідэнт беларускага ПВТ. Кампанія працуе больш за 20 гадоў, лічыцца «адной з найбуйнейшых на амерыканскім рынку з цэнтрам распрацоўкі ў Мінску і штаб-кватэрай у Сан-Дыега». Займаецца распрацоўкай і падтрымкай заказнога ПЗ у розных сферах, у тым ліку для банкаўскага сектара і гандлёвых пляцовак, аховы здароўя, адукацыі, мабільных праграм, забаваў. У спісе яе кліентаў — кампаніі з ЗША і краін Еўропы. Таксама EffectiveSoft — сертыфікаваны партнёр Microsoft.
Нагадаем, днямі стала вядома, што ў кампаніі — рэзідэнты ПВТ пачалі прыходзіць спісы супрацоўнікаў, якія данацілі фондам, што падтрымлівалі пацярпелых на пратэстах або рэпрэсаваных беларусаў. Тых, хто «правініўся», запрашаюць на гутарку са спецслужбамі і просяць «пакрыць шкоду» — пералічыць у іншы, пакуль не названы, фонд, у 10 разоў большую суму, чым яны перавялі, да прыкладу, ініцыятывам BYSOL або BYPOL